Ён верыў у Дзеда-Мароза, яна ў выкраданьне Эўропы,
яго бацькі ў камунізм, яе бацькі ў гараскопы.
Ён – лютаўскі Вадалей, яна – верасьнёвыя Шалі,
і ейныя тата і мама яго на першых парах запрашалі.
Ейныя продкі былі элітай яйкагаловай:
бацька – доктар навук, маці – проста мэгера.
А кавалер іх дачкі меў тады восем з паловай,
і ўсе яго звалі Гоша, яна ж называла – Гера.
Яна ў свае сем была вундэркіндам і нават ведала троху
лаціну. Сказала яму: “Carpe diem! Перакладзеш з Гарацыя?”
Ён дома аскуб адрыўны каляндар. Пасьля стаяў на гароху,
бо бацька ня трапіў тады на цягнік, а ў бацькі рука гарачая…
Празь дзесяць гадоў ён сустрэў яе на ўзьбярэжжы Юрмалы.
Убачыў – і крочыў за ёю ў ваду, адчуўшы юр не малы.
Яна крычала: “тану!”, а ён: “не патонеш, мячык!” –
і перакладаў яе з хвалі на хвалю, як перакладчык.
Яна яму: “што ты робіш?”, а ён у адказ: “то и делаю!” –
і цалаваў яе проста ў Балтыйскае мора.
Потым ён жартаваў, што вышэйшы на цэлую
галаву. А яна яму: “Цэлую? Ты ж на яе – хворы!”
Ейны бацька сказаў: “Валіў бы ты ў войска, лепш у памежнікі!”
Ён адказаў: “Carpe diem! Гэта з паэзіі Рыма”.
Потым дадаў: “Вы – вяршкі грамадзтва, мы – яго вершыкі”.
Потым ляснуў дзьвярыма.
Ейная мама на кухні да ранку рыдала, як плачка,
павучала дурніцу восем гадзінаў запар:
“Доча, калі ты хочаш у лінгвістычны на перакладчыка,
ён – твой фальшывы сябар!
Хочаш на перакладчыка – менш паэзіі!
Хочаш у лінгвістычны – сябруй з галавою!”
Уночы яна прысьніла, што яму галаву адрэзалі,
і яна размаўляла зь ёй, як з жывою,
любавалася ўсьмешкай зь беларусьфільмаўскім прыкусам
і пахавала ў вазоне з маміным фікусам…
Хтось назаве ўсё гэта казкай ці містыкай,
іншыя скажуць: “Жыцьцё – тэатар, які пачынаецца зь вешалкі”.
Сёньня яна працуе высокааплатнаю сынхраністкай.
Ён сядзіць у яе на шыі, перакладаючы вершыкі.