trois pensées musicales
1
уночы расьцьвітаюць твае грудзі
і жнівень у аліўкавай атруце
прароцтвам накрывае з галавой
мы будзем пунктуальнымі да ўздыху
у одах нашым зьменлівым губам
садовых яблыням і туманам
калі, сьцяжэлая, ты крочыш ціха
за салаўём і йдзеш па горла ў песьні
яшчэ ня ранак, ды ажыў агонь
лістоты жылы, белыя камлі
Пяшчотная! калені нахілі
маленькі шэры талісман каханьня
ня чутны ў цішыні, сядзі і плач
спадзеючыся, што мой voix d'enfant
пральецца празь вялізарную ноч
апошняй нашай, Госпадзе, ахвяры
2
дурман сыходзіць, дрэмлюць маяраны
у цемры галаву разьбіў нарог
мы дзьве струны напятыя й старанна
я ў ноч тваю ўціскаюся, і змрок
вандроўнымі агеньчыкамі зьзяе
і – бы з пакоя тайнага шкілет –
усіх, што адплылі і адплываюць
вачніцамі зіхціць дрыготкі сьлед
ды сьвецяцца, ты бачыш, ратаўніча
задумлівыя вочы кажаноў
часовых крыўдаў сьцёртыя абліччы
стары пажар, распалены наноў…
падводжу вынікі: нас толькі двое
ахвярнік – на расколатым рабры
прароцтва накрывае з галавою
Пяшчотная! ў абдымкі забяры
хай дотык апячэ руку слабога
цякучым полымем суцішыць боль
да сэрца прытулі сьляпога Бога
сьвятою песьняю chantant dans la coupole
3
маленькі шэры талісман каханьня
мятліцамі вэрленіцца зьмярканьне
і тоне ў ложку губакветны флот
мяжа кладзецца залатым праборам
палаюць верасы над ціхім борам
і хмары галава гарыць бы ў печы
не забываючы ніводнай рэчы
груднога панцыра, крывавай клеткі
што дзеліць нам свабоды й несвабоды
і ластаўка, халодная заўсёды
ужо сарвала твой брунатны плод
мы ў гарадзкім мурашніку ня дома
хто за каго, хто супраць, невядома
і толькі ўночы іншая рука
твае пялёсткі горне ў бок маўчаньня
і заўважаю са зьдзіўленьнем тайным
сусьвет, які маю ратуе ліру
Пяшчотная! спагадная рука
нам раны перавязвае няспынна
здымае жар і абдымае шчыра
і поіць нас гарбатаю палыннай
Пяшчотная! мне не пачуць паэм
дразда, што ў гласалаліі шаманнай
нябёсы залівае зорнай маннай
ды кропляю апошняй je vous aime
гарыць на вершаліне надламанай
Рудамина, лістапад – сьнежань 1978
Poezijos kalbos kraštovaizdžiai = Sprachlandschaften der Poesie = Абсягi паэзii / European Borderlands. – Vilnius–Minsk: European Borderlands, 2009. – P. 26–27;
Літаратурная Беларусь. – 2015. – 24 красавіка. – P. 12. – Prieiga internetu (žiūrėta 2015.V.9): http://www.lit-bel.org/assets/files/litbiel_2015_4.pdf.