у іншым жыцьці, калі я быў канём,
баявым жарабцом на хаўтурах па прусах
у раньнім сераднявеччы, мяне
загналі на скачках, яшчэ жывога паклалі
у яму ніцма, пярэднія ногі
сагнулі, прыціснутыя да грудзей, хрусь
адзін за адным ламаліся шыйныя пазванкі, а вочы
глядзелі на захад, туды, дзе за морам варагі, высока
узьнесены зад
у іншым жыцьці, калі быў я канём,
я гібеў у нямецкай капальні ў Баньскай Шцяўніцы
ў кратовай цямрэчы
у чорнай бязьмесячнай ночы
асьлеп, і ўзялі мяне ў стайню, пасьля паціхутку,
пакуль прыбываў маладзік, выпускалі
мяне на папас, і вочы – шырэй і шырэй – прывыкалі
у іншым жыцьці, калі быў я канём,
у Вільню з Наваградка толькі прывёз
Міцкевіча, потым бадзяўся па горадзе
я на драўляных катурнах
у кірунку сьмерці, у любімым
кірунку Вільнюса
цяпер я зьяўляюся прывідам
на Бэльмонце альбо ў Сэрэйкішкес
шарахаюся ад злодзеяў і машынаў
на хрыбціне цягну паліцэйскага
сіняга, нібы той лес удалечыні
у іншым жыцьці, калі быў я птушкаю – салаўём
у гарадку ля Дунаю, паміж яроў і пагоркаў, лясамі
парослых, паміж літоўскіх гаёў і палёў
я касцоў абуджаў
у іншым жыцьці, калі быў я птушкай
апошняе травеньскай ночы, і ўсё не цямнела
усю братыслаўскую ноч, і я вар’яцеў,
выклікаючы на двубой усіх птушак ночы і дня,
і ўсіх перамог я, але на сьвітанку
зязюля шалёная ўсё ж засьпявала
паэта галюткім, грошы ў кішэні, кішэнь у іншым пакоі
застаецца толькі каханьне і сьмерць з маладым рэкрутам
тут і сам закуеш, як зязюля
у іншым жыцьці, калі быў я паэтам,
я заўважыў, што ўсе францужанкі, зь якімі еду,
ляжу ці лячу, – усыпляюць мяне, так блізка,
што ня трэба нічога казаць
языком ці рукамі, падушачкамі
гарачых пальцаў ці куточкамі
вуснаў, я сьню ў замкнёнай прасторы
Magnus Ducatus Poesis: ribų įveika = robežu pārvarēšana = пераадoленьне мeжаў = pokonywanie granic = подолання меж = преодоление рубежей = surmounting boundaries: 2006–2007 / Sudarė ir parengė Vladas Braziūnas. – Vilnius: Petro ofsetas, 2007. – P. 100–101;
http://www.lyrikline.org/index.php?id=163&L=2&author=vb02&po... Poezijos kalbos kraštovaizdžiai = Sprachlandschaften der Poesie = Абсягi паэзii / European Borderlands. – Vilnius–Minsk: European Borderlands, 2009. – P. 29.