Лесі Украінцы
слухайце, як скаланае яго ад найменшага шуму
пільна сачыце сьляды, будзьце пакорныя й чуйныя
размаўлялі – аб чым? аб празрыстым мёдзе акацый
аб ціхіх гадзінах спакою і працы
аб зьменах, што дзеляць бясконцасьць
спрабуюць дзяліць, але дзе там, ці ж вычарпаеш
мора з кроплі, з расы на надрэзаным сале
лёгкі павеў, подых брызу – чым вымераць можна?
ці размаўлялі пра гэта? а час ужо быў адліга
час зацьвітаў, падаў сьнегам, не абяцаў даўгалецьця, маўчаў пра хваробы
чытаў, рабіў сочыва й пераклады, разьбіты сухотамі ў друз
лекавацца ў саляныя Друскенікі ехаў, і соль
вёз у Львоў, сам, даўно ўжо сама
выпала сольлю – у клясыкі,
сольлю – у горад любімы, падобны да Вільні
поўны гаворак і ўзгоркаў, народаў, якія вяслуюць
кожны ў свой бок – то блукаюць
у тумане, то вяслуюць на сонцы ў прагулкавай лодцы
у мроях, у росквіце, у заняпадзе
часам у горкай расе, невядома, ці солі, ці лугу
патрэсканых мазалёў, разышліся па костках дзіравых, па валасох
ператварыліся ў шэрань, калі гаварыць рамантычна
а кажучы проста – зусім пасівелі і сталі адросткам на мезенцы
гарбом Бітэ, але ўсё адно – празрыстым мёдам акацый
Габрэле Пяткявічайтэ-Бітэ (1861–1943) – празаік, драматург, крытык, публіцыстка, грамадзкая дзяячка. Таксама мела фізычную ваду.
Magnus Ducatus Poesis: ribų įveika = robežu pārvarēšana = пераадoленьне мeжаў = pokonywanie granic = подолання меж = преодоление рубежей = surmounting boundaries: 2006–2007 / Sudarė ir parengė Vladas Braziūnas. – Vilnius: Petro ofsetas, 2007. – P. 99