час гадзіньнікаў рушыць бяз мэты
хто навосьлеп ім будзе сустрэты?
абмінаючы хібы, ступае
яго крокаў чароўнасьць сьляпая
не стрымаць, хоць ня ведае колаў
на яго камяні схіліш голаў:
будзе Нёман гучаць яго тонам
гэты гоман ласкавы за што нам?
гэту сонцам каваную зброю
ці да Грунвальду несьці герою?
ці пачуем праз бой і вясельле
як на схілах расьце пустазельле?
ціха-ціха сьвітанак агорне
чары з памяці здыме, відушчы:
– доўга-доўга іграцьме на горне
гучны-гучны адгук яго ў пушчы